СПЕ́НСЕРАВА СТРАФА́,

дзевяцірадковая страфа з рыфмоўкай АбАббВбВВ. Памер першых 8 радкоў — 5-стопны ямб, 9-ы радок напісаны 6-стопным ямбам. Калі твор складаецца з некалькіх С.с., то цотныя пачынаюцца радкамі з жаночай клаўзулай, няцотныя — з мужчынскай (або наадварот). Упершыню гэты від страфы ўжыты англ. паэтам 16 ст. Э.​Спенсерам (адсюль назва) у паэме «Каралева фей». С.с. напісана паэма Дж.​Байрана «Паломніцтва Чайльд Гарольда»:

Ты і ў элінаў старажытнай Спарты
Служанкай не лічылася зямной,
А на зямлі, о Муза, нашы барды
Аганьбілі паклёпам і маной
Цябе, дачку нябёс! Ды твой спакой
Не патурбую, хоць і я, бывала,
У Дэльфах быў і храм разглядваў твой
І піў з крыніцы. Без тваёй ухвалы
Аповесць простую пачну пісаць памалу.
(Пер. Р.​Барадуліна)

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)